РЫ́ЦАРСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання сыноў свецкіх феадалаў у сярэдневякоўі ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. З 7-гадовага ўзросту хлопчыкаў аддавалі ў двор сюзерэна (сеньёра), дзе да 14 гадоў яны былі пажамі і да 21 — збраяносцамі. Апрача фіз. загартоўкі маладыя феадалы павінны былі навучыцца «сямі рыцарскім дабрачыннасцям» (верхавой яздзе, фехтаванню, валоданню кап’ём, плаванню, паляўніцтву, гульні ў шашкі, складанню вершаў і спевам у гонар дамы сэрца), выпрацаваць у сабе маральныя якасці — храбрасць, настойлівасць, вернасць сюзерэну. Вял. значэнне ў Р.в. мелі рэлігія і правілы прыдворнага этыкету. У канцы сярэдневякоўя для рыцара лічылася неабходным валодаць франц. мовай, якая стала мовай прыдворнай знаці. Сістэма Р.в. з яе культам дамы сэрца адыграла станоўчую ролю ў змене становішча жанчыны ў феад. асяроддзі. З падзеннем рыцарства знікла і Р в. Асобныя яго элементы на пэўны час адрадзіліся ў рыцарскіх акадэміях.
т. 13, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)